Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 сьнежня: плюс 23 палітвязьні, прысуды ў «справе Гаюна» і за абразу Лукашэнкі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што мумжчыну асудзілі за нібыта абразы, выказаныя ў інтэрнэце адрас начальніка Наваградзкага РАУС Руслана Хамко і начальніка АУР Паўла Валенцюкевіча.

Паводле праваабаронцаў, фігуранта справы асудзілі і спагналі зь яго грошы ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.

Кампэнсацыю міліцыянты патрацілі на падарунак навучэнцам спэцыяльнай школы-інтэрната — купілі трэнажор.

Заснавальніка арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» асудзілі на «хатнюю хімію»

Гомельскі абласны суд асудзіў палітзьняволенага Кірыла Краўцова паводле ч. 1 і 2 артыкулу 361-4 КК (садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці) у «справе Гаюна». Як стала вядома «Гомельскай вясне», яму прызначылі 4 гады «хатняй хіміі». Прысуд набыў моц.

Кірыл вядомы як заснавальнік унікальнай арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» у Рэчыцкім раёне. Там ён жыў, займаўся рамесьніцтвам, арганізаваў сваю ганчарную вытворчасьць, ладзіў фэсты, творчыя сустрэчы. Разам з сябрамі-энтузіястамі Кірыл выкупіў некалькі будынкаў у вёсцы, выратаваў яе ад зьнікненьня, арганізаваў эка-паселішча.

Кірыла затрымалі ў чэрвені. На волі ў яго засталіся жонка і непаўналетнія дзеці.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» ініцыятыву «Да зораў»

Алесь Чумакоў, архіўнае фота
Алесь Чумакоў, архіўнае фота

Адпаведнае рашэньне было прынятае КДБ 17 сьнежня.

Паводле ведамства, дачыненьне на ініцыятывы маюць Сямён Малашэнкаў і Аляксандар Чумакоў.

Вядома, што Аляксандар — гусьляр гурта «Стары Ольса», піша «Вясна».

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 23 чалавекі

  1. Аляксандр Бігель
  2. Уладзіслаў Горскі
  3. Валерый Залівака
  4. Павел Іваноў
  5. Уладзімір Ісаеў
  6. Мікалай Ішчук
  7. Раман Канцавы
  8. Аляксандр Караткевіч
  9. Уладзімір Леасевіч
  10. Уладзіслаў Макарэвіч
  11. Валерый Пазнякевіч
  12. Віталь Петручук
  13. Дзяніс Пяткевіч
  14. Сяргей Салаш
  15. Валерый Сахарчук
  16. Сяргей Сікорскі
  17. Яўген Сіцько
  18. Сяргей Стрыбульскі
  19. Вадзім Сычугоў
  20. Юрый Храмееў
  21. Ігар Чарпакоў
  22. Павел Шарко
  23. Уладзіслаў Якубоўскі

Цяпер у Беларусі 1124 палітычныя вязьні, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 1167. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG